Футбол: Беларусь - Англія
Пятро СІЛКА
Дабрыдзень, дарагія чытачы ІБК! Я заўсёды рады новай сустрэчы з Вамі. Прапаноўваю Вам кароткі рэпартаж аб гульне нашай зборнай каманды па футболе са зборнай Англіі, якую я ўважліва праглядзеў і хварэў за сваю каманду. Такім чынам, 15 кастрычніка на мінскім стадыёне "Дынама" прайшоў адборачны матч чэмпіянату свету 2010 года паміж зборнымі Беларусі і Англіі. Склады каманд: АНГЛІЯ - 1.Джэймс, 2.Браун, 3.Брыдж, 4.Джэрард, 5.Фердынанд (капітан), 6.Апсан, 7.Уолкат (16.Райт-Філіпс з 68 хвіліны), 8.Лампард, 9.Хескі (18.Крауч з 70 хвіліны), 10.Руні (15. Бэкхэм з 87 хвіліны), 11.Бары; запасныя - 12.Карсан, 13.Джонсан, 14.Лескот, 7.Дэфо.
БЕЛАРУСЬ - 1.Жэўноў, 2.Кульчый (капітан), 3.Філіпенка, 4.Амельянчук, 5.Молаш, 7.Булыга, 10.Сітко, 13.Кутузаў (8.Страхановіч з 77 хвіліны), 14.Пуціла (11.Радзівонаў з 67 хвіліны), 16. Стасевіч (9.У.Глеб з 89 хвіліны), 18.Верхоўцаў; запасныя - 22.Верэмко, 6.Карыцька, 15.Паўлаў, 17.Сасноўскі.
Спачатку нагадаю, што напярэдадні матчу абедзве каманды панеслі кадравыя страты. За зборную Беларусі, як вядома, не змог згуляць яе капітан Аляксандр Глеб, які не паспеў аднавіцца пасля траўмы. Да таго ж галоўны трэнер "Барселоны" не адпусціў Глеба на гульню з ангельцамі. Замест яго капітанскую павязку надзел самы дасведчаны гулец нашай каманды Аляксандр Кульчый. Зборная Англіі не далічылася капітана Джона Тэры. Акрамя яго з-за траўм не змог згуляць з беларусамі абаронца лонданскага "Чэлсі" Эшлі Коўл. Аднак у складзе ангельцаў досыць высакакласных майстроў і таму неўдзел гэтых гульцоў не адбіўся на гульне ўсёй каманды. Першымі адзначыліся родапачынальнікі футбола. На 12-й хвіліне Стывен Джэрард дакладна паразіў вароты Юрыя Жэўнова. Аднак на 27-й хвіліне рахунак зраўняў беларус Павел Сітко. Адзначу, што настаўнік беларускай зборнай Бернд Штанге ў гэтай гульне даручыў месца ў асноўным складзе некалькім маладым гульцам - Ігару Стасевічу, Антону Пуціла і Паўлу Сітко. У пачатку другой 45-хвілінкі "хуткі" гол забіў Уэйн Руні. Ён жа адзначыўся і на 75-й хвіліне. У падрахунку гульня завяршылася ўпэўненай перамогай госцяў - 3:1. Што жа я магу сказаць аб гэтым выніку? Скажу толькі адно, што гэты вынік цалкам адлюстроўвае ўбачаную мной гульню абедзвюх каманд. Але перад тым як пракаментаваць гульню я прывяду выступ галоўнага трэнера беларускай зборнай Бернда Штанге на прэс-канферэнцыі пасля гульні: "Віншую каманду Англіі з заслужанай перамогай, яна паказала 100-адсоткавы вынік, атрымаўшы перамогі ва ўсіх 4-х матчах. Такім чынам, яна стала галоўным прэтэндэнтам на перамогу ў нашай адборачнай групе. Нам не хапіла сіл, каб на працягу ўсяго матчу дэманстраваць сучасны футбол. У гульне з такой камандай, як Англія вельмі складана параўноўваць лік. Аднак нам гэта атрымалася зрабіць. Другі жа гол ангельцаў у пачатку другога тайма нас проста "высек". Вядома, нам не хапала ў гульне Аляксандра Глеба, яго разумення гульні, і тэмпу гульні. Ён для нас незаменны. Магу толькі пазайздросціць свайму калегу Фабіо Капэла, у якога ёсць 5-6 гульцоў на кожную пазіцыю. Будзем імкнуцца паказваць той футбол, які мы дэманстравалі ў першым тайме ў гульне з ангельцамі. Я аптыміст. Мне падаецца, што беларускі футбол на правільным шляху. Гэта даказвае і выступ БАТЭ у Лізе чэмпіёнаў, і ўдалы выступ моладзевай зборнай, а таксама нацыянальнай каманды".
Ну, зараз я выкажу сваё меркаванне аб гульне абедзвюх каманд. Скажу, што сапраўды футбольнай каманды, у поўным сэнсе слова, у твары зборнай Беларусі я так і не ўбачыў. У абароне каманда гуляе з мноствам памылак, а паўабарона не выконвае свае асноўныя задачы. У нападзе няма футбалістаў, здольных завяршаць ствараемыя галявыя моманты. Вядома, з такой гульнёй цяжка канкурыраваць з такімі камандамі як Англія, Украіна і Харватыя. У плане таго, што маецца быць вялікая праца на абраным шляху, я цалкам згодзен з галоўным трэнерам. А тое, што шлях вылучаны правільным, прадэманстравалі 15-20 хвілін першага тайма, калі нашы футбалісты прыціснулі ангельцаў да сваіх варот і тыя сталі памыляцца. Такой бездапаможнай зборнай Англіі, якой была яна ў тыя хвіліны, я яшчэ не бачыў. І наогул я жадаю сказаць, што не так страшны чорт, як яго малююць. І ужо пара адкінуць у бок закамплексаваннасць перад такімі камандамі як Англія, Францыя, Італія, Іспанія і іншымі. У усіх гэтых каманд можна выйграваць. Маё меркаванне такое, што за апошнія гады сусветны ўзровень футбола значна ўпаў. Футбол топчацца на месцы і нават паступова дэградуе з-за адсутнасці новых ідэй у арганізацыі гульні. І калі бы наша зборная паказвала бы гульню, уласцівую мінскаму Дынама ў свой чэмпіёнскі год, то выхад у фінальную стадыю чэмпіянату свету ёй быў бы забяспечаны. А мінскае Дынама заўсёды славілася сваёй вельмі мабільнай сярэдняй лініяй, якая захоплівала сярэдзіну поля і практычна не давала ніякіх шанцаў саперніку. Акрамя таго, у сярэдняй лініі былі гульцы, здольныя далёкімі ўдарамі паразіць вароты. Каманда, мінскае Дынама, з самога пачатку навязвала саперніку свой бліскучы тэмп і пры неабходнасці падтрымлівала яго да самога канца гульні. Стала змяняючы кірункі атак з аднаго флангу на іншы, выкарыстоўваючы дакладныя доўгія дыяганальныя перадачы і абстрэл варот з далёкай дыстанцыі, каманда здольная была пераадолець любую абарону саперніка. Усяго гэтага пакуль няма ў нашай зборнай каманды, хоць некаторыя хвіліны першага тайма гульні з Англіяй дазваляюць спадзявацца на лепшае. А каб такая гульня з'явілася ў нашай зборнай, трэба паднімаць узровень усяго беларускага футбола, як сталага і моладзевага, так і дзіцячага. А для гэтага патрэбны, вядома, значныя фінансавыя выдаткі, што ўсёткі праблематычна для сучаснай Беларусі. Да новых сустрэч у Інтэрнэце, дарагія чытачы ІБК!